З 15 па 18 ліпеня лідскія майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” з калегамі з Іўеўскага раёна мелі гонар прадстаўляць дэлегацыю Гродзеншчыны на ХХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску.
Адметнасцю фестывалю стаў удзел у міжнародным свяце-конкурсе майстроў народнай цацкі і лялькі “Забава” супрацоўніцы аддзела рамёстваў і народнай творчасці Дыдышка Ірыны.
– У дадзеным конкурсе змагалася ўпершыню, – дзялілася ўраджаннямі Ірына. – Акрамя прадстаўлення дамашняй калекцыі, трэба за пэўны тэрмін часу зрабіць практычную работу. Творчай задумкай стала батлеечная лялька: хітры і гарэзлівы чорцік, які накрыўся плашчом манаха. Вельмі прыемна, што журы высока ацаніла выстаўку лялек з дамашняй калекцыі. Гэта рэгіянальна-этнаграфічныя вобразы, міфалагічныя персанажы, батлеечныя лялькі. А вынікам спаборніцтва стала перамога ў намінацыі “Тэатральная лялька” – Дыплом І ступені! Усё так добра атрымалася дзякуючы падтрымцы і дапамозе маіх калег!
Сёлета майстрыхі з Ліды здзіўлялі мясцовых жыхароў і гасцей горада асноўнымі накірункамі рэгіянальнага рамяства. Каля выстаўкі-ярмаркі завіхалася майстар па ткацтву Валянціна Сільвановіч. Людзей прыцягвалі ўвагу традыцыйныя белаўзорыстыя ручнікі Панямоння, сурвэткі з карункамі, рознакаляровыя палавікі, палатняныя мужчынскія і жаночыя сарочкі з тканымі ўзорамі, паясы, торбачкі, керамічныя цацкі, свістулькі і іншыя вырабы.
– Наша выстаўка выклікала зацікаўленне і пытанні, а сувеніры і ткацтва карысталіся попытам! Гэта добрая матывацыя, каб прыехаць на “Славянскі базар” у наступным годзе! – зрабіла выснову загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна.
Дыдышка Ірына, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, 20.07.2021
Write a comment