Свята бліноў у Дворышчах

           6 сакавіка ў аграгарадку Дворышча Лідскага раёна на пляцоўцы каля Дома культуры адбылося свята "Бліны ды аладкі – ўсе вясны-красны нагадкі". Па традыцыі ў гэты дзень адзначаецца Масленіца – народнае свята, прысвечанае сустрэчы вясны.

         – Добры дзень вам, – ветліва звярнулася да ўсіх, хто прыйшоў на свята, галоўная гаспадыня Аладка Смятанаўна. – Рада бачыць вас усіх у нас у гасцях. Я бліноў напякла – бо гэта галоўны пачастунак на нашым свяце. Яны так падобныя да сонца, якому людзі радуюцца пасля доўгай зімы.

         Круглыя, румяныя бліны так і прасіліся ў рот. Не паспрабаваць гэты смачны пачастунак было проста немагчыма. Блінных страў майстры, якімі былі мясцовыя жыхаркі і работнікі Дома культуры, зазывалі і прапаноўвалі паспрабаваць галоўны ласунак свята з самымі рознымі начыннямі: капустай, тварагом, грыбамі, яблыкамі… Складана было прайсці міма беліцкай юшкі і духмянай ваверскай гарбаты.

      Усе гэтыя смачнасці ўдала гарманавалі з конкурсамі і гульнямі, падрыхтаванымі работнікамі Дварышчанскага, Першамайскага і Ганчарскага Дамоў культуры і вясёлымі песнямі музычнага калектыва "Альтанка".

 

              У канцы святочных гулянняў дварышчане па традыцыі спалілі пудзіла. І ўсім было цёпла нават не ад агню і вясновага сонца, а ад усмешак і радасці на тварах людзей.

Write a comment

Comments: 0