«Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня»

          9 красавіка 2022 г. у г. Гродна адбылося свята майстроў вобласці «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня». Пяты год запар збіраюцца таленавітыя працаўнікі культуры напярэдадні галоўнага свята хрысціян – Вялікадня, каб не толькі паказаць свае вырабы, якія нашы продкі рыхтавалі на велікодны кірмаш, але паўдзельнічаць у конкурсах, выстаўках, кірмашы-продажы, віншавальнай праграме.

         На рэгіянальным свяце-кірмашы вырабаў рамеснікаў годна прадстаўляў Лідчыну аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Творчы калектыў аформіў каларытную выстаўку. Стол, упрыгожаны керамікай з велікоднай тэматыкай, прадстаўляла майстар па кераміцы – Алена Свідэрская, яйкі-пісанакі – майстар па роспісу Марына Савіцкая. Побач стракаціла сувенірная прадукцыя на любы густ, красаваліся рэгіянальныя святочныя ручнікі, створаныя працавітымі рукамі майстра па ткацтву – Валянцінай Сільвановіч, носьбітам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая захоўвае элемент белаўзорыстага ткацтва Панямоння.

         Кіраўнік народнага фальклорнага гурта “Талер”, Наталля Шчалканогава, падзялілася ўражаннямі ад удзела ў віншавальнай праграме сярод калектываў вобласці:

         Апладысменты ўдзячных гледачоў далі магчымасць зразумець,  што наш творчы блок прыйшоўся даспадобы. Мы насыцілі яго старадаўнімі спевамі, гумарэскамі і абрадавымі дзеяннямі. Наш выхад у традыцыйных народных строях адразу стварыў харызматычную атмасферу свята, падобную да той, што адбывалася некалі на самой справе. За ўдзел у праграме “Талер” атрымаў дыплом.

         Наш майстар па вырабе этнаграфічнай лялькі – Ірына Дыдышка ў абласной выстаўцы-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак” атрымала дыплом “За глыбіню вобразнага раскрыцця тэмы” і спецыяльны прыз. Тэматычная кампазіцыя лялек пад назвай “Вербная нядзеля” у традыцыйных строях канца ХІХ – пачатку ХХ ст. прыемна ўразіла журы і падштурхнула прыняць такое рашэнне.

         І напрыканцы адзначу, што аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” за ўдзел у свяце атрымаў Дыплом ад аргкамітэта – з гонарам паведаміла загадчык аддзела рамёстваў Алена Шчэліна.

 

Дыдышка Ірына Маркаўна, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, 12.04.2022.

 

 

Write a comment

Comments: 0